Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Летапісаў 1 2-я Летапісаў 1 разьдзел

1 І ўмацаваўся Салямон, сын Давіда, на валадарстве сваім; і ГОСПАД, Бог ягоны [быў] з ім, і ўзьвялічыў яго высока.
2 І сказаў Салямон усяму Ізраілю, начальнікам тысячаў і сотняў, і судзьдзям, і ўсім начальнікам у-ва ўсім Ізраілі, галовам [дамоў] бацькоў.
3 І пайшлі Салямон і ўся царква з ім на ўзвышша, якое ў Гібэоне, бо там быў Божы Намёт Спатканьня, які паставіў Майсей, слуга ГОСПАДА, у пустыні.
4 Каўчэг Божы перанёс Давід з Кірыят-Ярыму на [месца], якое Давід падрыхтаваў для яго, бо ён паставіў для яго намёт у Ерусаліме.
5 А ахвярнік, які зрабіў Бэцалеэль, сын Урыі, сына Хура, застаўся там перад Сялібай ГОСПАДА; і шукалі яго Салямон і царква.
6 І ўзыйшоў Салямон перад аблічча ГОСПАДА туды да ахвярніка мядзянага, які ў Намёце Спатканьня, і ахвяраваў на ім тысячу цэласпаленьняў.
7 У тую ноч зьявіўся Бог Салямону і сказаў яму: «Прасі, што Мне даць табе».
8 І сказаў Салямон Богу: «Ты зрабіў Давіду, бацьку майму, вялікую ласку і паставіў мяне валадарыць замест яго.
9 Цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай зьдзейсьніцца слова Тваё Давіду, бацьку майму, бо Ты паставіў мяне валадарыць над народам вялікім, як пыл зямлі.
10 Дай мне цяпер мудрасьць і веданьне, каб я мог выходзіць і ўваходзіць перад народам гэтым, бо хто можа судзіць гэты народ Твой такі вялікі?»
11 І сказаў Бог Салямону: «За тое, што было гэта ў сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці, славы ці душы ворагаў тваіх, таксама не прасіў доўгіх дзён, але прасіў для сябе мудрасьці і веданьня, каб ты мог судзіць народ Мой, над якім Я паставіў цябе валадарыць,
12 мудрасьць і веданьне дадзены табе, а багацьці, маёмасьць і славу Я дам табе, якіх ніводзін з валадароў ня меў перад табою і ня будзе мець ніякі пасьля цябе».
13 І вярнуўся Салямон з узвышша, якое ў Гібэоне, у Ерусалім ад аблічча Намёту Спатканьня, і валадарыў у Ізраілі.
14 І сабраў Салямон калясьніцы і вершнікаў, і было ў яго тысяча чатырыста калясьніцаў і дваццаць тысячаў вершнікаў, якіх ён разьмясьціў у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме.
15 І сабраў валадар срэбра і золата ў Ерусаліме, як камянёў, а кедраў так шмат, як сікамораў, якія ў Шэфэлі.
16 І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з Куэ, бо купцы валадарскія куплялі паводле цаны [іхняй] у Куэ.
17 І яны зыходзілі і прывозілі з Эгіпту калясьніцы за шэсьцьсот сыкляў срэбра і каня за сто пяцьдзясят [сыкляў]. І гэтак праз рукі іхнія прывозілі іх для ўсіх валадароў Хетаў і валадароў Араму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023