І ён загаварыў да яго: «Адкуль ты, юнача?» І ён адказаў яму: «Я з сыноў Ізраэля, братоў тваіх, і прыйшоў сюды, каб наняцца». Дык сказаў яму Тобія: «Ці ведаеш дарогу, якая ідзе ў Мідыю?»
Ды выйшаў Тобія, і паклікаў яго, і сказаў яму: «Юнача, бацька цябе запрашае». Ды ўвайшоў да яго, а Табіэль прывітаў яго першы. І ён сказаў яму: «Хай будзе табе вялікая радасць!» І Табіэль спытаўся ў яго: «Якая мае мне быць яшчэ радасць? Чалавек я бескарысны дзеля вачэй, і не бачу святла неба, але ў цемры жыву, як памерлыя, якія не бачаць ужо святла. Жыву я між мёртвых. Голас людзей чую, але іх не бачу». І сказаў яму ён: «Будзь моцны духам; хутка будзеш Богам вылечаны. Будзь мужны!» І сказаў яму ў адказ Табіэль: «Сын мой Тобія хоча ісці ў Мідыю. Ці не мог бы ты ісці з ім і праводзіць яго? І дам табе тваю плату, браце». І ён адказаў яму: «Змагу ісці з ім, бо ведаю ўсе дарогі, і некалькі разоў хадзіў у Мідыю ды абыходзіў усе закуткі яе і горы і ведаю ўсе праходы».
Ды сказаў яму Тобія: «Пачакай мяне, юнача, пакуль я пайду і бацьку свайму скажу. Мне бо ты патрэбны, каб ішоў са мной, і дам табе тваю плату».